Skip to main content

Мітрапаліт Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу на ўрачыстасць святога Казіміра

| Падзеі »
 4.03.2026kaz005

У сераду 4 сакавіка, калі Касцёл успамінае святога Казіміра, заступніка нашай парафіі, шматлікія вернікі - парафіяне і госці з суседніх парафій - падчас Імшы а 18-й гадзіне віталі Яго Эксцэленцыю арцыбіскупа-мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага, які наведаў наш касцёл, каб павіншаваць з імянінамі нашу парафію і цэлебраваць урачыстую святую Імшу.

 4.03.2026kaz016
 4.03.2026kaz017

У святочнай цэлебрацыі прымалі ўдзел святары суседніх парафій: Маладзечанскі дэкан кс. кан. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі кс. Юрый Ясевіч, пробашч з Жупранаў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артур Ляшнеўскі SDB, пробашч з Радашковічаў кс. кан. Юрый Быкаў, пробашч з Волмы кс. Юрый Бараўнёў, кс. Андрэй Фёдараў з парафіі св. Юзафа ў Маладзечне.

 4.03.2026kaz035

У пачатку гаміліі Уладыка павіншаваў братоў капуцынаў з дзяржаўнай рэгістрацыяй Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, падкрэсліўшы іх здольнасць і ўмеласць у будаванні касцёлаў.

Узгадаўшы аб нядаўнім перажыванні папяльцовай серады ў Вялікі пост, іерарх выказаў шкадаванне, што, "на жаль, і далей адбываецца пасыпанне попелам зямлі і народаў". Просячы Бога аб перамяненні сэрцаў варожых у сэрцы міласэрдныя і спачувальныя, арцыбіскуп маліўся, каб па прыкладзе заступніка Святога Казіміра людзі маглі кожнага дня славіць Пана праз Марыю пад мірным небам.

 4.03.2026kaz043

Уладыка разважаў над тым, што сучасны свет перажывае нялёгкі час: “Калі мы чуем пра цярпенні, катастрофы, войны, то міжволі хтосьці можа ўсклікнуць: «Навошта Бог дапускае такія мукі?». А Пан у кнізе прарока Ісаі кажа: “Крычы на ўсю моц, не стрымлівайся. Падымі голас свой, быццам рог, і раскажы народу Майму пра іхнія злачынствы і дому Якуба — пра яго грахі” (Іс 58, 1). Бог звяртаецца да чалавечага сумлення і заклікае да пакаяння, выпраўлення нашага жыцця, бо жадае сустрэчы з намі. Таму святы Папа Клімэнт у свой час заахвочваў вернікаў Касцёла ў перыяд Вялікага посту словамі: «Давайце пройдзем па ўсіх этапах гісторыі і зразумеем, што ў кожным пакаленні Пан даваў магчымасць раскаяцца тым, хто хацеў да Яго вярнуцца». Таму, як кажуць словы Святога Пісання: «Няхай мудрэц не хваліцца мудрасцю сваёю, ды асілак — сілаю сваёю, багаты — сваім багаццем; але калі хто хваліцца, няхай хваліцца тым, што ён разважлівы і пазнае Пана, бо Пан чыніць міласць, суд і справядлівасць на зямлі» (пар. Ер 9, 23–24; пар. 1 Кар 1, 31)”.

 4.03.2026kaz044

Яго Эксцэленцыя падкрэсліў, што дабро застаецца дабром нават тады, калі ніхто яго не робіць і не лічыць дабром. А зло застаецца злом нават тады, калі так паступаюць многія. Таму важна арыентавацца ў сваім жыцці не на меркаванні гэтага свету, не на ўласныя планы, а на Божыя. Варта імкнуцца стаць на дарогу, якую Бог выбраў для чалавека.

 4.03.2026kaz042

Святы Францішак Сальскі ў сваім творы “Філатэя, або Шлях да пабожнага жыцця” пісаў, што “пры стварэнні свету Бог загадаў раслінам прыносіць плод паводле роду свайго (Быц 1, 11). Гэтаксама і хрысціянам, якія з’яўляюцца жывымі раслінамі Яго Касцёла, Ён загадаў прыносіць плады пабожнасці, кожнаму паводле свайго стану і паклікання. Набожнасць павінна практыкавацца па-рознаму ўладаром, рамеснікам, удавой, незамужняй дзяўчынай і замужняй жанчынай”. На думку святога Францішка Сальскага, трэба, каб кожны развіваў пабожнасць ў адпаведнасці са сваімі сіламі, заняткамі і абавязкамі.

І ў гэты час, у які Бог паклікаў і выбраў нас, розныя ёсць дары, якімі Пан надзяліў людзей, - падкрэсліў Уладыка. - Аднак без дапамогі Духа Святога ніхто з нас не можа сказаць, што Панам ёсць Езус. У кожны час Бог дае вецер. І нашым абавязкам, магчымасцю і пакліканнем ёсць тое, каб адпаведна настроіць ветразі і выкарыстаць гэты вецер - ласку Божую, дадзеную нам. Святы Казімір – чалавек, які выкарыстаў у свой час ласку ад Пана. Нягледзячы на тое, што быў нашчадкам каралеўскага трону, ён часцей бываў у касцёле, чым у палацы”.

 4.03.2026kaz014

Пра пабожнасць гэтага святога мітрапаліт Юзаф узгадаў словамі  з кнігі кс. А. Ліпніцкага «Жыццё, цуды і гонар святога Казіміра», 1858 г., якая напісана на падставе першага жыццяпісу, складзенага бп. Захарыяй Ферэры ў 1520 г.: “На самым ранку, як толькі адчыняліся дзверы святыні, святы каралевіч ужо кленчыў перад алтаром, з узнесенай душой, у постаці натхнёнай і разам з тым пакорнай і пакутніцкай, і заставаўся ў касцёле, пакуль яго не зачынялі. Тут ён забываўся пра ўсе патрэбы цела: не адчуваў голаду, холаду, стомленасці; быў нібы ў святой зачараванасці, імгненным, але бессмяротным разрыве з целам… Сярод цёмнай ночы зрываўся з пасцелі, пакрыёма выходзіў з пакою, адзін, босы, прыбягаў да замкавай святыні і, найчасцей знайшоўшы яе замкнёнай, клаўся ніцма перад яе парогам, акрапляў яго слязьмі і ў святым узнясенні малітвы заставаўся да світанку...”.

 4.03.2026kaz029

Яго Эксцэленцыя між іншым заўважыў, што св. Казімір, па некаторых меркаваннях, быў аўтарам гімна ў гонар Багародзіцы “Omni Die” (поўная назва «Omni die dic Mariae» -«Кожны дзень слаў Марыю»), вядомы пад яго імем і ўжываны ў касцёле ад 1499 года. У 1483 г. хворы на сухоты Казімір прыехаў у Вільню, а на Каляды наведаў Гродна. Хвароба імкліва развівалася, таму на світанку  4 сакавіка 1484 г. ў Ніжнім замку на 26-м годзе жыцця каралевіч памёр. Яго цела было ўрачыста пахавана ў капліцы віленскай катэдры, заснаванай каралём Казімірам, ягоным бацькам. “І гэта быў Божы план на жыццё святога Казіміра, - падкрэсліў Уладыка. - Сёння тое жыццё, якое мы перажываем, - гэта Божы план на жыццё і пакліканне кожнага з нас”.

 4.03.2026kaz021

Спатрэбілася больш стагоддзя, каб 7 лістапада 1602 г. з'явілася була з пацвярджэннем факта кананізацыі св. Казіміра. За тры дні да ўрачыстасці, якая павінна была адбыцца ў сувязі з гэтым, труна каралевіча была адкрыта, і выявілася, што яго цела цалкам захавалася; пры галаве ляжаў узгаданы гімн, які св. Казімір часта прамаўляў на хвалу Маці Божай.

Кожны мае сваю дарогу ад Пана. І калі будзем трымацца Божага наказу і прыслухоўвацца да Божай парады, то напэўна перамога будзе за намі. Кожны святы мае сваю гісторыю жыцця, і кожны грэшнік мае сваю будучыню, - падсумаваў Яго Эксцэленцыя. - Папа Бенедыкт XVI казаў: “Колькі людзей, столькі дарог да пазнання Пана Бога, або да святасці”. Умілаваныя браты і сёстры, заахвочваю вас да малітоўнай засяроджанасці, да практыкі супольнай малітвы ў сем’ях, на працы і ў іншых месцах нашага прабывання. Мы, людзі ХХІ стагоддзя, мала молімся, мала адкрываем свае сэрцы на ласку Пана, мала разважаем перад абліччам Бога над сваім пакліканнем, над мэтаю свайго жыцця. Нам трэба размаўляць і раіцца з Езусам пра шляхі вырашэння нашых праблем, пра выйсце з пэўнай складанай сітуацыі. Сёння мы больш патрабавальныя і свавольныяЕзус жа перад сваёю мукаю шчыра маліўся - «моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш» (Лк 22, 44). А вучняў, якія не вытрывалі ў малітве нават адну гадзіну, Хрыстус дакараў: «Чаму вы спіце?» (Лк 22, 46). Сапраўды, як зазначаў святы Ян Хрызастом, «заставацца ў целе — гэта барацьба»”.

Уладыка заахвоціў падчас Вялікага посту, як золатам, упрыгожваць свае дамы ўмеркаванасцю і пакораю, добрымі ўчынкамі, аздабляць верай, велікадушнасцю і міласцінай, рабіць так, каб яны заззялі святлом справядлівасці і прабачэння, паяднання і згоды: “Няхай малітва стане вянцом у будоўлі дому, які вы рыхтуеце для Пана Бога. Бо ў гэтым доме — у доме чалавечага сэрца — мы прымем і сустрэнем уваскрослага Пана".

 4.03.2026kaz012

Напрыканцы гаміліі мітрапаліт Юзаф даверыў усіх прысутных апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра з просьбай аб дапамозе ў распазнанні паклікання і аб вытрываласці на дарозе да святасці на ўзор святога Казіміра, нашага нябеснага заступіка. 

Пасля літургіі Яго Эксцэленцыя таксама павіншаваў жанчын нашай парафіі з надыходзячым святам і пажадаў ім на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі з Божай дапамогай умець прымаць сваё пакліканне, бо з Хрыстом  і радасць, і клопат, і боль на гэтым шляху вядуць да шчасця. Кульмінацыяй віншавання стала песня пра маму, якую прыгожа заспяваў сам арцыбіскуп Юзаф.

 4.03.2026kaz100
 

Ад імя ўсіх вернікаў нашай парафіі і ад яе жаночай часткі дзякуем Яго Эксцэленцыі за цэлебрацыю, скіраванае слова і душэўныя віншаванні!

 4.03.2026kaz104

Тэкст: Алена Каралькова, Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок

Відэа: Галіна Савіцкая

Фотаздымкі ў добрай якасці тут.