Skip to main content

У нядзелю 15 лютага Рыцары аднавілі свае абяцанні

| Падзеі »

О, любы Ойча,
Дапамажы мне быць рыцарам
І, як наш брат Францішак,
Выціраць слёзы бліжняму.

Вікторыя Трот, Яўгенія Касцюкевіч

15.02.2026ryc21

У нядзелю 15 лютага падчас Імшы а 12-й гадзіне каля 30 маленькіх францішканаў – Рыцараў св. Францішка - склалі і аднавілі сваё абяцанне праз заступніцтва святых Францішка і Клары імкнуцца несці супакой і дабро і дапамагаць бліжнім.

15.02.2026ryc12

Кожны з прысутных рыцараў атрымаў знак таў.

15.02.2026ryc17
 15.02.2026ryc15

Падчас гаміліі бр. Сяргей Гусар, які апякуецца гэтай супольнасцю, патлумачыў, што для св. Францішка знак таў быў вельмі важны, таму што гэта апошняя літара ў габрэйскім алфавіце, а Францішак хацеў, каб яго называлі “брат меншы” - гэта значыць менш, чым малы. (Дарэчы, нездарма рыцарамі ў францішканскай сям’і называюцца дзеці, як найменшыя). Святы “апрануўся” ў гэтую літару: яго адносіны да хворых, бедных, братоў, сяброў, суседзяў сведчылі аб тым, што ён прыняў паставу слугі, найменшага. Праз такую пакору Францішак імкнуўся праслаўляць Бога, наследуючы Хрыста, “бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” ( Мц 20,28; Мк 10,45).

15.02.2026ryc10

Такое стаўленне да жыцця і да бліжніх, як падкрэсліў бр. Сяргей, моцна пераклікаецца з Евангеллем гэтага дня.

Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд (Мц 5, 21-22).

Кожнае дрэннае слова ў бок іншай асобы – шпілька, якая забівае. А кожная маленькая паслуга, падтрымка, добрае слова, усмешка – суцяшае і ўносіць у жыццё радасць, дадае сіл.

15.02.2026ryc26

Вы чулі, што сказана: Не распуснічай. Я ж вам кажу: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту ў сэрцы сваім (Мц 5, 27-28).

Бр. Сяргей заўважыў, што адносіны паміж жанчынамі і мужчынамі, а таксама і розныя іншыя нашыя жаданні і прагненні і спосабы іх наталення можна прасачыць праз гастранамічныя вобразы: “Калі чалавек хоча есці, па сутнасці, ён можа хутка наталіць голад і фастфудам. Але што здарыцца, калі штодня прытрымлівацца такога харчавання?” Калі мужчына і жанчына сустракаюцца толькі з адным прагненнем - хутка насыціць свае пэўныя пачуцці, то гэта наталяе на кароткі час, але не будуе глыбокіх адносінаў і не дае трывалага пачуцця любові.

15.02.2026ryc08

А калі хтосьці сам будзе гатаваць, напрыклад, пасту - замяшае цеста, парэжа, зварыць, прыгатуе соус - гэта будзе каштаваць часу, высілкаў, можа і грошаў. Але, калі ён любіць чалавека, для якога прыгатаваў, будзе прыемна і яму, і іншаму. Такое служэнне ўмацоўвае адносіны”, – патлумачыў брат і заахвоціў і дарослых, і дзяцей шукаць таго, што “смачна”, але не таго, што хутка насычае пачуцці, а ў перспектыве чыніць шкоду. Варта ўслед за св. Францішкам навучыцца рабіць маленькія добрыя ўчынкі для бліжніх у сям’і, на працы, у школе.

15.02.2026ryc02

 

 

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота, відэа: Ганна Шота, Юлія Пруднікава