Зімовая вандроўка Рыцараў у Семернікі

Жыццё кожнага рыцара ніяк не можа быць без прыгод.
Так і ў нашых Рыцараў св. Францішка у выходныя, 7 лютага, адбылася вельмі цікавая, вясёлая і незабыўная прыгода - вандроўка ў Семернікі! На гэтую прыгоду адважыліся не толькі дзеці, але і іх бацькі, францішканская моладзь, Францішканскі ордэн свецкіх, браты-капуцыны і сястра-міссіянерка Святой Сям’і.
Сабраўшыся апоўдні ля касцёла, мы ўсе разам на машынах вырушылі ў дарогу да в. Белева і, пакінуўшы там аўтатранспарт, пешшу адправіліся да нашага пункту прызначэння. З вялікім энтузіязмам і дарослыя, і дзеці распачалі гэты шлях, які вёў праз поле і лес.

Але не так усё было лёгка, як здаеца на першы погляд! Гэта зіма нас парадавала вялікай колькасцю снегу, і таму да Семернікоў нам прыйшлося прабірацца па вялікіх гурбах. Нават паспелі крыху паблукаць у пошуках правільнага шляху. Хвілін праз 40 нашага блукання сярод заснежанага поля і лесу ў галаву закралася думка: "Ці не расцягнуцца нашыя 40 хвілін у 40 год пошукаў Майсеем зямлі абяцанай?"

Але ўрэшце рэшт мы гэта зрабілі! Не гледзячы на цяжкасці і стому, мы дайшлі!

На месцы нашага прабывання нашая каманда падзялілася на некалькі групак і занялася рознымі справамі. Адныя растапілі печку для абагравання, другія пачалі распальваць вогнішча. Пад кіраўніцтвам брата Войтэка дзеці назбіралі ў вялікія місы шмат снегу, з якога пасля была прыгатаваная гарачая смачная гарбата. Жанчыны заняліся падрыхтоўкай страў для абеду.

Пасля сумеснай малітвы усе разам пачаставаліся смажанымі на вогнішчы калбаскамі, хлебам з салам.
Спадзяемся, што на перадзе нас чакае яшчэ не адна такая прыгода!
Хвала Госпаду і св. Францішку, якія збіраюць і яднаюць нас усіх у вялікую францішканскую сям’ю! Як гэта хораша й міла жыць у любові братняй!

Тэкст: Ірэна Туровіч
Фота, відэа: Бр. Войцех Врублеўскі, Ганна Шота